АРАВІ́ЙСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Індыйскага ак. паміж паўастравамі Індастан на У і Аравійскім на З. Абмывае берагі Самалі, Джыбуці, Йемена, Амана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Кувейта, Ірака, Ірана, Пакістана, Індыі. Пл. 4832 тыс. км². Сярэдняя глыб. 2734 м, найб. 5803 м. Берагі высокія, скалістыя, месцамі нізінныя дэльтавыя, парэзаныя залівамі і бухтамі. Найб. залівы: Адэнскі на З (злучаецца Ба-б-эль-Мандэбскім пралівам з Чырвоным м.), Аманскі на ПнЗ (злучаецца Армузскім пралівам з Персідскім залівам), Кач і Камбейскі на ПнУ. Найб. а-вы: Сакотра і Лакадыўскія. У Аравійскае мора ўпадае р. Інд. Рэльеф дна выраўнаваны, агульны нахіл з Пн на Пд; на З падводны хр. Мары. Клімат трапічны мусонны. Частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні зімой 22—27 °C летам 23—28 °C. Салёнасць 35,8—36,57 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,1 м). Фауна: дзюгонь, лятучыя рыбы, тунец, меч-рыба, паўд. селядзец, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш. Гал. парты: Бамбей (Індыя), Карачы (Пакістан), Адэн (Йемен).

З.А.Андрыеўская.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)